На стыку часоў: кантрасты сучаснага Клецка

Клецк — горад кантрастаў. Тут стагадовыя мураваныя аркі суседнічаюць са звычайнымі пяціпавярховымі панэлькамі, а будынак, у якім размяшчаецца ЖКГ, нагадвае шляхецкі маёнтак. Такога зліцця эпох вы не ўбачыце нават у амерыканскім прыгарадзе. Затое паселішча, названае ў гонар беларускага горада-цёзкі, у ЗША абавязкова знойдзеце. Якія яшчэ сакрэты хавае Клецк, даведалася карэспандэнт МЛЫН.BY.

Што яднае беларускі Клецк з амерыканскім?

Адказ на гэтае пытанне трэба шукаць у гісторыі клецкай іешывы — яўрэйскай школы равінаў. Заснавана яна была не ў Клецку, а ў Слуцку, і дзейнічала там з 1897 года да канца Першай сусветнай вайны. Калі пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы Слуцк адыйшоў да Савецкай Расіі, заснавальнік іешывы Эйсер Гельман Мольцэрн перавез яе ў Клецк. Школа равінаў прымае вучняў як з Беларусі, так і з Польшчы, Галіцыі і іншых суседніх краін. Асноўным кірункам іешывы было вывучэнне Торы, аднак за кароткі час яна стала сапраўдным культурным цэнтрам горада. У святочныя дні тут збіралася моладзь з розных грамадскіх суполак Клецка. Калі пачалася Другая сусветная вайна, кіраўнік іешывы Аарон Котлер перавёз яе і вучняў спачатку ў Вільнюс, затым праз Расію ў Шанхай, а адтуль у ЗША. Там ён заснаваў паселішча, якое назваў Клецкам, а вучням загадаў 70 год не вяртацца ў Беларусь. Пасля вайны будынак былой яўрэйскай школы, які зараз уваходзіць у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, пэўны час пуставаў. Затым у ім размяшчаліся раённы Дом культуры, крама. А летась ён быў перададзены музею гісторыі Клеччыны. За апошнія 25 год школа равінаў выкарыстоўвалася толькі аднойчы. Выканаўшы загад Котлера, яго былыя вучні напрыканцы 2014 года прыехалі ў Клецк. Яны правялі ўрок Торы і павесілі на сцяну іешывы памятную таблічку. Сярод гасцей былі і ўнукі Котлера.

Ці быў калісьці маёнткам будынак ЖКГ?

Будынак, у якім зараз працуюць клецкія камунальнікі, сапраўды нечым нагадвае маёнтак, аднак ніколі ім не быў. На самай справе гэта былы шпіталь, які з’явіўся ў горадзе ў 1909 годзе і зараз лічыцца помнікам архітэктуры. А на маёнтак ён падобны таму, што пабудаваны з цэглы ў стылі мадэрн і складаецца з трох карпусоў. Падчас Першай сусветнай шпіталь стаў ваенным. Перад Вялікай Айчыннай у будынку размяшчаліся тэхнічная, пасля — першая ў акрузе пасляваенная сярэдняя школа, затым Дом піянераў, раённы ваенны камісарыят і нарэшце ЖКГ. У маі 2011 года падчас рамонту цеплатрасы каля будынка камунальнікі знайшлі чалавечыя астанкі. Высветлілася, што тут знаходзіліся могілкі ахвяр набегаў крымскіх татар пачатку XVI ст.

Як стогадовыя аркі казармаў апынуліся сярод савецкіх панэлек?

Казармы — яшчэ адзін помнік архітэктуры стылю мадэрн. Будаваліся яны польскім урадам спецыяльна для кавалерыйскага гарнізона. Да нашага часу захаваліся толькі дзве двухпавярховыя мураваныя аркі, аднак гісторыкі перакананыя, што ўвесь ансамбль уключаў значна больш аб’ектаў. Былі тут і тыповыя будынкі казармаў, і стайня, і нават вартавая вышка. Перад Вялікай Айчыннай вайной да арак былі прыбудаваны аднапавярховыя памяшканні, якія зараз з’яўляюцца жылымі дамамі, але дакладны час іх будаўніцтва невядомы. Адзін з варыянтаў — да 1939 года, калі казармы толькі будаваліся ці калі тут размяшчаўся дзявяты корпус пагранаховы. Верагодны і перыяд паміж 1939-м годам і пачаткам Вялікай Айчыннай, калі тут знаходзіліся часці Чырвонай Арміі. Не ўсе казарменныя пабудовы перажылі вайну. На іх месцы з цягам часу з’явіліся жылыя шматкватэрныя дамы.

Чаму Свята-Васкрасенская царква была перабудавана ў цэх механічнага завода і як з ёю звязаны дамініканцы?

У 1683 годзе ў Клецку па фундацыі Станіслава Казіміра Радзівіла і мінскага кашталяна Сангушкі будуецца Дабравешчанскі касцёл для дамініканцаў. Да 1830 года ў нішы пасярод фасада касцёла стаяла драўляная статуя Дамініка. Алтар быў мураваны і ўпрыгожаны драўлянай разьбой з пазалотай і абразом Маці Божай пад сярэбранай шатай. Чатыры бакавыя алтары таксама былі мураваныя. Калі ўладам стала вядома, што сябры ордэна падтрымалі нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1830—1831 гадоў, дамініканскі касцёл закрылі. У той час з-за небяспекі разбурэння была закрыта і старая Васкрасенская царква. Ад Лявона Радзівіла настойліва патрабавалі будаўніцтва новай бажніцы для прыхаджан мястэчка і навакольных вёсак. Князь вырашыў пайсці прасцейшым і таннейшым шляхам: пачаў дабівацца перадачы для праваслаўнага прыхода дамініканскіх муроў, а ўсе неабходныя работы па пераабсталяванню браўся правесці за ўласны кошт. 1 кастрычніка 1854 года храм быў нанава асвячоны ў імя Уваскрасення Гасподняга. Праз тры гады закрылі і старую царкву на могілках. Так некалі дамініканскі касцёл на дваццаць год аказаўся адзіным праваслаўным храмам Клецка. Сюды былі перанесены ўсе царкоўныя дакументы з былых цэркваў, а галоўным упрыгожаннем храма з’яўлялася старадаўняя цудатворная ікона Маці Божай з Прадвечным немаўлём. Пасля Рыжскага міру Клецк апынуўся на тэрыторыі Польскай Рэспублікі, аднак улады не сталі адбіраць храм у праваслаўных вернікаў. Больш таго, пасля пажару 1937 года ён быў адрэстаўрыраваны. Дзейнічала царква і пасля Вялікай Айчыннай вайны. Але на пачатку 1960-х гадоў яе закрылі. У будынку зрабілі клуб і спартыўную залу, а ў 1969 годзе тут абсталявалі цэхі механічнага завода. Царква была перададзена праваслаўным вернікам толькі на пачатку 1990-х гадоў, а першае набажэнства ў адноўленым храме прайшло ў 1994 годзе на Каляды.

Ці праўда, што ў Клецку размяшчаўся адзін з першых банкаў Беларусі?

Побач з Дабравешчанскім касцёлам быў пабудаваны кляштар дамініканцаў, які ў 1832 годзе таксама быў закрыты. Будынак перадалі ваеннаму ведамству, якое збіралася абсталяваць там казарму ўланскага паўэскадрона. Але замест гэтага ў памяшканні зрабілі склад, а праз некалькі гадоў закінулі. Другое жыццё будынак набыў у 1881 годзе, калі ў ім размясціўся адзін з найстарэйшых банкаў Беларусі. Адкрыўся ён па ініцыятыве буйнога землеўладальніка Эдварда Вайніловіча, а ўсімі справамі запраўляў сусед Вайніловіча Рамуальд Рымша. Клецкі банк (менавіта так яго называлі гараджане) паспяхова працаваў да 1917 года. Але ў выніку вайны і эканамічнага крызісу грошы хутка абясцэніліся, і давер да банка быў падарваны. З 1924 года ў будынку былога кляштара пачаў працаваць Хрысціянскі банк, створаны па ініцыятыве землеўладальніка Альгерда Яленскага і ксяндза Вікенція Герасімовіча, які перад вайной служыў у мясцовым касцёле і карыстаўся павагай насельніцтва. Паводле слоў старажылаў, перад Другой сусветнай многія мясцовыя жыхары трымалі тут свае зберажэнні, хоць працэнтныя стаўкі былі адносна невялікія.

Крыніца: http://www.mlyn.by/2018/12/na-styku-chasou-kantrasty-suchasnaga-kletska/

Аўтар: Юлія Гаўрыленка

Фота: Павел Арлоўскі

639